Леанід Дайнека
Касцёл Сымона і Алены,
Мы да цябе прыходзім зноў.
Пан Езус тут жыве нятленны
І дорыць нам сваю любоў.
Высокія вежы, чырвоныя сцены...
Тут шмат пакаленняў прайшло.
Бяссмертныя душы Сымона, Алены
Струменяць з нябёсаў святло.
Суровай часінай кляны на дасвецці
Шпурлялі лістоту на дол.
Памерлі калісьці нявінныя дзеці,
І ў памяць іх вырас касцёл.
У розным настроі, у розным узросце
Мы ў Божы Будынак прыйшлі.
Давайце запомнім, што мы — толькі госці
На гэтай трывожнай зямлі.
Наш лёс узлятае, як тыя арэлі —
То ўверх, а то ўніз, да зямлі.
Давайце запомнім, як свечкі гарэлі,
Як словы малітвы плылі.
Смяротныя мы, і памерці павінны.
Дык глянем з любоўю наўкол.
Навекі запомнім святыя хвіліны.
Запомнім Чырвоны Касцёл.
Усё адкладваў на заўтра:
"Ат, заўтра сваё наганю!"
Жыццё выпіваў залпам.
Не верыў у цішыню.
"Ат, заўтра сваё адкахаю.
Заўтра сваё напішу.
А зараз — хлеб здабываю,
Бягу, лячу, штурхаю
У плечы людзей. Грашу."
І вось — прыціхнуў. Ляжыць,
Душу адаслаўшы да зор.
Збіраўся заўтра жыць,
А сёння... памёр.
Туман майго дзяцінства быў бялейшы.
Ён плыў над лугам, нібы з Марса карабель.
Агонь майго дзяцінства быў ярчэйшы.
Ён свеціць мне праз тысячу зямель
Паміж хлусні, праклёнаў і авацый,
Праз ветру гул, што шыбу б'е ў акне,
Я чую з неба вечны голас маці -
Яна і сёння верыць у мяне.
Не філасофствуй багата.
Жыццё грубей і прасцей.
Жыццё - пастаянная страта
Зубоў, валасоў і надзей.
Ведаю — дзянёк настане —
Зададуць і мне пытанне:
Як я жыў? Каму служыў?
З кім вадзіўся? Чым займаўся?
Па якіх шляхах я шляўся?
Адкажу — не задрыжу.
Меў я трох сыноў і жонку.
Родную любіў старонку.
Часта сыт быў хлеба кусам.
Заставаўся беларусам.
Не любіў хадзіць я строем,
Не стараўся быць героем —
Леанідам з Фермапілаў.
Мне майго жыцця хапіла...
— Вы пытаеце, дзеткі мае,
Як я з мужам жыву?
Гарэлку п'е, бутэлькі б'е
Аб маю галаву.
Ганяе за хатай, за пуняй,
Грызе, як крывавы звер.
А я ж была прыгажуняй,
Красоткай, як кажуць цяпер.
Была, як усе, камсамолкай,
Хадзіла ў калгасны хор.
А ён мяне коліць іголкай,
П'яны смярдзючы тхор.
За валасы цягае,
Гугнявіць аб нечым благім.
...Сіняй вясной, каля гаю,
Мы цалаваліся з ім.
Бачу праз боль крывавы,
Сьню ў незабыўных снах
Чуб кучаравы, бялявы,
Зорачкі ў ясных вачах.
"Дзеткі ў нас будуць, унукі" —
Ён мне пяшчотна шаптаў,
А потым ускідваў на рукі,
І, як малую, люляў.
Ужо я не плачу, не плачу,
Бо скора лажыцца ў труну.
Не гэтага звера бачу,
А бачу тую вясну.
За што ж ён нагамі топча?
Хто выгрыз яму душу?!
"Такі харошы быў хлопчык" —
Некалі Богу скажу..